ШЧЫЛІНАДРЭНА́ЖНАЯ МАШЫ́НА,

машына для пракладкі шчыліннага дрэнажу на пністых балотных глебах з мэтай адводу залішніх вод, паскарэння асадкі торфу і асваення балот.

Бываюць прычапныя і навясныя; дрэнажна-дыскавыя (ратацыйныя), дрэнажна-баравыя (ланцуговыя скрабалкавыя) і дрэнажна-вінтавыя. Праразаюць шчыліны глыб. да 1,2 м на адлегласці 6—12 м адна ад адной (у залежнасці ад выкарыстання тэр. асушэння пад пэўныя культуры). Верх шчылін закрываюць з дапамогай дыскаў або прыкочваюць гусеніцамі трактара. Гл. таксама Дрэнажныя машыны.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схемы рабочых органаў шчылінадрэнажных машын: а — дрэнажна-дыскавага (1 — карданная перадача, 2 — гусенічны ход, 3 — фрэза, 4 — закрывальны апарат); б — дрэнажна-баравага са скрабалкавым ланцугом (1 — навясная рама, 2 — гідрацыліндры, 3 — закрывальны апарат, 4 — баравы ланцуг, 5 — тэлескапічная рама); в — дрэнажна-вінтавога (1 і 2 — навясная і тэлескапічная рамы, 3 — шнэк, 4 — нож).

т. 17, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)